kilgor_trautt (kilgor_trautt) wrote,
kilgor_trautt
kilgor_trautt

Белорусский "Свободный театр". n-europe.eu

«Free Theatre»: адчай выклiку (n-europe.eu)

«Свабодны тэатр» - незалежны тэатральны калектыў, якi не мае ў Беларусi сцэны i не можа выступаць легальна. У той жа самы час ён уваходзiць у Еўрапейскую тэатральную канвенцыю i з’яўляецца лаўрэатам прэмii Французскай рэспублiкi ў галiне абароны правоў чалавека. У 2008 г. ён атрымаў тэатральную прэмiю Еўропы - "Еўрапейскi тэатральны "Оскар".


«Свабоднага тэатру» ў Беларусi нiбыта няма - так, яго дзейнасць улады больш не забараняюць (некалі акторы патрапiлi ў мiлiцэйскi пастарунак разам з гледачамi). Аднак поспехi i мiжнароднае прызнанне папросту iгнаруецца. Удзельнiкi тэатру выбралi сваю стратэгiю супрацьстаяння iнфармацыйнай блакадзе з боку ўладаў. Яны з году ў год працягваюць даваць падпольныя бясплатныя спектаклi ў Беларусi, часцей, аднак, выступаюць за мяжой. Праект знаходзiцца ў дзесятцы распрацоўшчыкаў тэматыкi правоў чалавека сродкамi тэатру ў свеце.

Праект, створаны сужэнцамі Мiкалаем Халезiным i Наталляй Калядой у 2005 г., стаў вядомы дзякуючы такiм спектаклям, як «Псiхоз 4:48» паводле п’есы Сары Кэйн, «Самаiдэнтыфiкацыя» паводле кароткiх навелаў беларускiх драматургаў i «Тэхнiка дыхання ў беспаветранай прасторы» паводле п’есы Наталлi Мошынай.

Акторы, не сапсаваныя беларускiм тэатрам

Задача, якую ставiў рэжысёр Уладзiмiр Шчэрбань перад маладымi ўдзельнiкамi тэатральнай лабараторыi «Фартынбрас», створанай год таму, - зразумець галоўную праблему ў сваiм жыццi. Праца над тэкстамi, якiя сталi асновай для першага спектакля студыi - «Present Simple», была падобная на сеанс групавой псiхатэрапii. Гiсторыi, у якiх акторы распавядалi пра залежнасць, гвалт, каханне i ўладу – актуальныя, яны адбылiся з iмi ў цяперашнi час, час present simple у англійскай мове. Яны прыйшлi ў тэатр з вулiцы – прынцыповая пазiцыя мастацкага кiраўнiка М. Халезiна працаваць з людзьмi, не сапсаванымi беларускiм тэатрам.

Адна з гiсторыяў спектаклю «Present Simple», на маю думку, найбольш вострая i канфлiктная, пабудаваная на супярэчнасцi памiж «еўракаштоўнасцямi» i беларускiмi рэалiямi. Дзеяннi актораў увесь час перарываюцца еўрапрапагандай з экрана тэлевiзара. Невырашальнасць гэтай супярэчнасцi сведчыць пра тое, у якой ступенi «еўрапейскiя» каштоўнасцi далёкiя ад жыцця ў Беларусi, а таксама пра падзеленасць беларускага грамадства.

Канфлiкт адбываецца памiж двума братамi, адзiн з якiх знайшоў выйсце з немагчымасцi жыцця па-беларуску ў тэатры, а другi – у наркотыках. Абодва гэтыя выбары звязаныя з пошукам эйфарыi i рызыкамi – рызыкай нарцысiзму для актора i рызыкай самаразбурэння i сацыяльнага адвяржэння для нарказалежнага. Узаемаадносiны памiж iмi напружаныя, зачэпкi i прэтэнзii маладых мужчынаў адзiн да аднаго пераходзяць у гвалт.

Iх бойка паказаная праз танец знiшчэння - спектакль прысвечаны знакамiтай харэографу Пiне Бауш, якая памерла ў чэрвенi 2009 г. «Добры» сын дае сваю згоду, калi мiлiцыянты падкiдваюць брату наркотыкi, каб пазбавiцца ад яго, бо той пачаў выносiць рэчы з дому. Iншай альтэрнатывы – напрыклад, у тэрапii альбо змяншэннi шкоды, ён не бачыць. Не пакiдае яе i ўлада. У адпаведнасцi з арт. 328 УК Беларусi, «злы» сын трапiць у турму на тэрмiн да 8 гадоў, у той час як за забойства даюць 5. Калi ён вернецца з турмы, то не толькi не перастане ўжываць наркотыкi, але i будзе ненавiдзець свайго брата з яго «еўрапейскiмi» каштоўнасцямi i тэатрам.

Каханне i палiтыка па-беларуску: «Спасцiгаючы каханне»

П’еса «Спасцiгаючы каханне» (драматургiя i рэжысура Мiкалая Халезiна ў суаўтарстве з Наталляй Калядой), у якой гаворка вядзецца ад iмя жонкi Анатоля Красоўскага, забiтага бiзнесоўца i напарнiка Вiктара Ганчара, атрымала шырокi розгалас. Яна ўваходзiць у мастацкую кампанiю па падтрымцы Мiжнароднай канвенцыi ААН супраць гвалтоўных знiкненняў.

Спектакль распавядае не толькi пра трагедыю сям’i Красоўскiх, але i пра месца жанчын у беларускай палiтыцы, адведзенае iм апазiцыйнымi партыямi. Iрына Красоўская (Анна Саламянская) прадстаўленая ў спектаклi як iнфантыльная i цалкам залежная ад мужа-палiтыка жонка, яна не ўмешваецца ў «мужчынскiя» справы. Напрыклад, эпiзоду са знiкненнем Красоўскага (Алег Сiдорчык) у лазні папярэднiчае пытанне жонкi: «А дзевачкi будуць?»

Аднак палiтыка не абмiнае жыццё жанчыны. Яе каханага мужа забiваюць. I яна пачынае супрацiўляцца, абiраючы шлях палiтычнага актывiзму. Гвалтоўнае знiкненне i смерць мужа Красоўскай ад рук людзей з «Эскадрону смерцi» – гэта сiмвал таго, што парушэннi правоў чалавека i гвалтоўныя знiкненнi, катаваннi i забойства не з’яўляюцца прыватнай справай палiтычных зняволеных. Яны выкарыстоўваюцца ўладамi i спецслужбамi паўсюль у свеце – ад Фiлiпiнаў i Аргентыны да Чэчэнii i Гуантанама для таго, каб падавiць i запалохаць насельнiцтва.

У Беларусi апазiцыйныя партыi з iх традыцыйнай, патрыярхальнай структурай не дапускаюць жанчын да ўдзелу ва ўладзе. Неалiбералы гэтак жа сама, як i нацыяналiсты, выкарыстоўваюць патрыярхальны дыскурс. Гэта было яскрава вiдаць ў прамовах лiдэраў апазiцыi падчас вулiчных пратэстаў вясной 2006 г. Рознiцы памiж трактаваннем жанчын рэжымам i апазiцыяй няма – абедзве групы палiтычна кантралююцца мужчынамi.

Аднак жанчыны заўжды гралi важную ролю ў палiтыцы i ўдзельнiчалi ў развiццi сацыяльных праектаў, рашэннi па якiх прымалi мужчыны. На жаль, iх роля застаецца незаўважнай. Iрына Красоўская, удава забiтага палiтыка i мацi яго дзяцей, пачынае змагацца за памяць мужа. У гэтым – яе выклiк уладам i патрыярхату.

У п'есе «Спасцiгаючы каханне» ёсць фрагмент, якi звяртаецца да гiсторыi польскай «Салiдарнасцi». Сiтуацыя з роляй жанчын у «Салiдарнасцi» вельмi нагадвае ролю жанчын у беларускiм дэмакратычным руху. Калi «Салiдарнасць» у 80-ыя гады дзейнiчала ў Польшчы ў падполлi, жанчыны гэтак жа сама рызыкавалi сваiм жыццём, як i мужчыны, i ўклалi ў рух столькi ж сiлаў i часу, як i мужчыны. Але патрыярхальныя тэндэнцыi ў руху былi вельмi моцныя, пра што сведчыць, напрыклад, надпiс, якi з’явiўся ў 1989 г. на сцяне докаў у Гданьску «Жанчыны, iдзiце дадому, мы тут змагаемся за Польшчу!»

Грамадзянскi абавязак iнтэлектуала – рэагаваць на гвалт, гэта значыць быць Гаральдам Пiнтэрам

Спектаклю «Быць Гаральдам Пiнтэрам» ужо 5 гадоў, пазiцыя «Свабоднага тэатру» была сфармуляваная падчас працы над гэтай п’есай: «Ёсць з’явы, якiя немагчыма не заўважаць. Нам усiм не падабаецца, калi нас б’юць па галаве». Задачы «Свабоднага тэатру» - разбураць мову таталiтарызму i прапагандаваць правы чалавека, як гэта рабiў знакамiты брытанскi драматург Гаральд Пiнтэр, габрэй i левы актывiст, лаўрэат лiтаратурнай Нобелеўскай прэмii 2005 г. «Быць Гаральдам Пiнтэрам» - гэта iдэал мастака, якi быў пiсьменнiкам з грамадскай пазiцыяй i заклiкаў сваiх чытачоў i гледачоў рэагаваць на гвалт. Ён памёр ад раку ў снежнi 2008 г.

Спектакль «Быць Гаральдам Пiнтэрам» заснаваны на матэрыяле 5 п’есаў «Вяртанне», «Прах да праху», «Новы сусветны парадак», «Адзiн для дарогi», «Мова гораў», «Даўнiя часы» i нобелеўскай прамове знакамiтага драматурга, яго эсэ i вершах, а таксама маналогах палiтычных зняволеных у беларускiх турмах.

Акторы – Яна Русакевiч, Ганна Саламянская, Марына Юрэвiч, Алег Сiдорчык, Дзянiс Тарасенка, Павал Гарагнiцкi i Мiкалай Халезiн, - апранутыя ва ўнiформу строгiх гарнiтураў, аднолькавых для мужчын i жанчын, займаюць статычныя пазiцыi па чатырох кутах залi. На сцэне мiнiмум рэчаў – 4 яблыкi, крэслы i вялiзная фатаграфiя вачэй старога мужчыны на сцяне. Галоўнае дзеянне адбываецца не ў сферы манiпуляцыi з рэчамi, а ў сферы чалавечай экзiстэнцыi.

Гэты спектакль – бескампрамiсны эксперымент для гледачоў. Ён прысвечаны даследаванню таго, як функцыянуе гвалт i прымус у розных сферах чалавечага жыцця – ад прыватнага да палiтычнага. Гарнiтуры ў нейкi момант замяняе вайсковая форма, у адпаведнасцi з логiкай эскалацыi гвалту.

У адзiн з момантаў я адчула: тое, што адбываецца на сцэне, вышэй за магчымасцi майго ўспрыняцця. Я не магу спакойна глядзець на знявагу чалавечае годнасцi - у лепшых традыцыях нацысцкага кабарэ з фiльму «Начны парцье» iтальянскай рэжысёркi Лiлiяны Каванi. Магчыма, гэта i было задачай рэжысёра спектакля, У. Шчэрбаня, – абудзiць у гледачоў маральны непакой. Гвалт над жанчынамi – калi мужчына спрабуе высветлiць абставiны згвалтавання сваёй партнёркi, пры гэтым яго найбольш цiкавiць, цi адбылося гэта да iх знаёмства, альбо пасля - бо тады гаворка будзе iсцi пра здраду. Альбо калi муж ажыццяўляе псiхалагiчны цiск на сваю жонку ў прыступе зайдрасцi да яе сяброўкi. Гвалт i здзекi следчых i нагляднiкаў у форме i без над палiтзняволенымi, а таксама псiхалагiчныя катаваннi ў выкананнi святара, якi прадаў сваю душу ўладзе – гэта той жа самы гвалт, якi не мусіць iснаваць.

Акторы рухаюцца пад пластыкавай плёнкай у спектаклi «Быць Гаральдам Пiнтэрам», спрабуюць разадраць яе сваiмi целамi, каб вырвацца з удушша i нематы. Спектакль бясстрашна крытыкуе спосабы мыслення тых, хто валодае ўладай.

Вольга Мартыненка, n-europe.eu, 25 сентября 2009
Tags: "Свободный театр", пресса, театр
Subscribe
promo kilgor_trautt april 30, 2009 23:56 10
Buy for 100 tokens
Австралийские хроники. Part I. Позвоните родителям Австралийские хроники. Part II. Shark attack Австралийские хроники. Part III. Театр Австралийские хроники. Part IV. Sydney Festival 2009 Австралийские хроники. Part V. Две святыни Сиднея Австралийские хроники. Part VI. День Австралии…
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments